Мігранты з Узбекістана, якія толькі прыехалі, папрасілі вярнуць іх з Беларусі: абяцаных заробкаў няма
«За 500 долараў працаваць не будзем. Чым так, лепш бы вы нас назад ва Узбекістан адправілі».
На запісе, зробленым, імаверна, у Віцебску, вялікая група мужчын звяртаецца да Шухратбека Абдурахманава і скардзіцца на ўмовы, якія ім прапанавалі пасля прыезду. Паводле іх слоў, падчас сустрэчы з прадстаўніком працадаўцы ім паведамілі, што заробак складзе каля 500 долараў на месяц, а выдаткі на харчаванне і пражыванне яны павінны будуць несці самастойна. «Ён сказаў: калі ёсць праца больш чым на 500 долараў, дык ідзіце, я больш грошай не дам. Заробак — 500 долараў, харчаванне за твой кошт, за жыллё сам плаціш», — расказваюць мігранты. Яны сцвярджаюць, што на такія ўмовы не пагадзіўся ніхто. «Усе астатнія мы — не, за 500 долараў працаваць не будзем», — кажуць яны. Адзін з мужчын тлумачыць, што пасля аплаты асноўных выдаткаў ад заробку амаль нічога не застанецца. «Калі мы тут будзем працаваць за 500 долараў, калі 200 долараў пойдзе на ежу, яшчэ каля 100 — на мыла, мыццё і іншыя бытавыя патрэбы, то няма ніякага сэнсу працаваць тут за 200 долараў, марнаваць час і пакутаваць», — кажа ён. Пасля гэтага аўтар звароту звяртаецца да кіраўніка вобласці з просьбай дапамагчы: «Чым так, лепш бы вы нас назад ва Узбекістан адправілі». Іншы ўдзельнік відэа сцвярджае, што на радзіме яны могуць зарабіць больш. «Ва Узбекістане мы больш за гэта зарабляем. Нам кажуць: «Ідзіце». Але абяцалі, што да вечара ўсё вырашаць. Вось мы і просім вас гэта вырашыць». На момант публікацыі Агенцтва міграцыі Узбекістана і іншыя адказныя ведамствы сітуацыю афіцыйна не пракаментавалі.